Семейные истории о войне
интернет-дневник

Основное меню (мобильная версия)

Письменные воспоминания современников событий Второй мировой войны в Интернет-дневнике будут размещаться в разделе «Свидетельства».

З успамінаў: Каралёвай Таццяны Антонаўны
(прозвішча па мужу Канавалава), узніца
Запісала: Каменева Ганна Аляксееўна,
бібліятэкар Радужскай сельскай бібіятэкі
ДУК «Веткаўская раённая бібліятэчная сістэма»

Королева Татьяна АнатольевнаМне было 20 гадоў. У сярэдзіне жніўня 1943 года немцы пагналі нас у Рэчыцу на станцыю. Наша сям'я была вялікая: бацька, маці, шасцёра дзяцей. На нямецка-польскай граніцы «Граева» мы прайшлі камісію. Бацькоў і 4-х дзяцей аставілі, а мяне і сястру павезлі далей. Затым прывезлі ў Германію, у г. Галле. Мы тут жылі на нарах, у бараках тыдзень.

Сюды прыязджалі нямецкія паны купляць сабе рабочую сілу. Калі засталіся толькі дзеці, жанчыны і тыя, каго не выбралі, нас павезлі ў г. Лёйна, у лагер «Даспеш». Завод, на якім мы працавалі, знаходзіўся ў 12 кіламетрах ад лагера. Працавалі па 12 гадзін: 1 раз змена ўдзень, раз - уноч. Я працавала ў электрычным цаху. Адзін раз у тыдзень давалі талон на харчаванне. Кармілі дрэнна. Немцы абзывалі нас «швайнерайх». Аднойчы немка, якая гатавала ежу, падсыпала ў бульбу з падліўкай мыш'як. Шмат якія дзеці патруціліся, ледзь удалося выжыць.

На грудзях у нас быў распазнавальны знак «ОСТ» - «восточный». Барак наш нагадваў сабою літару «П». Немцы рабілі праверкі ў бараках. Былі баракі сямейных і адзіночак. Памятаю, быў барак украінак. 

Мы на заводзе працавалі з людзямі розных нацый. Гаварыць нам строга забаранялася. Мы былі слабымі ад голаду. Хлеб, па тонкай скібцы, нам давалі па 3 разы ў тыдзень: у панядзелак, сераду і пятніцу. Аднойчы немец падзяліў дзецям буханку хлеба. Дзяцей было багата, усе крычалі: «есць» і каб разагнаць іх, узялі шланг з вадой і лілі на дзяцей. 

Прыбліжэнне фронту мы адчувалі. Апошні час перад вызваленнем немцы змянілі свайму парадку. Ужо прыпазняліся на працу, не так кантралявалі, не суправаджаў канваір. Нас вызвалілі амерыканцы. Я ўжо казала, што ў лагеры былі людзі розных нацыянальнасцей: французы, італьянцы, харваты. Яшчэ я памятую, як да нас у лагер прыйшоў савецкі афіцэр. Сабраліся ўсе. Тады ён сказаў: «Граждане! Родина Вас не забыла! Дороги разрушены, транспорта нет, чтобы вас вывезти, ждите! Вас заберёт Родина!».

Аднойчы я пайшла на Эльбу,  калі вярнулася сястры і дзядзькі ўжо не было, не было і тых, з кім я была разам у бараку. Так я засталася адна. А яны былі ад мяне ўжо далёка. Мяне і другіх людзей павезлі ў Чэхію ў сельскагаспадарчую мясцовасць, дзе мы працавалі на ўборцы зернавых, буракоў. Потым вызвалі ў асобы аддзел, дапрасілі і толькі восенню 1945 года я вярнулася дадому. Вельмі цягнула на Радзіму.